Спікерка з'ехала, а цырк застаўся
90- Наталля Радзіна
- 15.05.2025, 12:00
- 52,358

Замест «бізнэсвумэн» КС будзе прадстаўляць лукашэнкаўскі чыноўнік.
За ганьбай так званай «Каардынацыйнай рады» і ўцёкамі яе спікеркі Анжалікі Мельнікавай я назірала з іроніяй. Мне было ясна з самага пачатку, што гэты бяздарны і фальшывы праект зазнае фіяска. Яшчэ год таму я пісала, наколькі гэта недарэчная структура, якая не мае права прадстаўляць дэмакратычную апазіцыю Беларусі. Нагадаю, што ў інтэрнэт-выбарах гэтай псеўдарады прынялі ўдзел усяго 6700 чалавек з 7 мільёнаў беларускіх выбарцаў. Было зразумела, што гэты цягнік ідзе ў нікуды і сутыкненне з рэальнасцю непазбежнае.
Але частка ўдзельнікаў фальшывай КС (за выключэннем, мабыць, нешматлікіх падманутых рамантыкаў) пайшлі туды ў надзеі атрымаць фінансавую дапамогу для сваіх лакальных праектаў. Іх не цікавіла рэальная праца на краіну і хоць нейкі вынік.
Аднак чаканні не апраўдаліся. Яшчэ раней вузкая група асоб пастанавіла манапалізаваць і пераключыць на сябе размеркаванне велізарнай матэрыяльнай дапамогі, што вымяралася дзясяткамі мільёнаў даляраў і еўраў, якую заходнія фонды выдавалі на падтрымку дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Куды і як размяркоўваліся грошы незразумела.
Прозвішчы гэтага вузкага кола вядомыя: Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Франак Вячорка, Анжаліка Мельнікава, Андрэй Ягораў і іншыя. Раней у гэтай неверагоднай кампаніі была яшчэ дарэшты зганьбаваная Вольга Кавалькова. Для ажыццяўлення гэтай задачы ім спатрэбілася шырма ў выглядзе каардынацыйнага цэнтра і «протапарламента».
У медыях з'яўлялася інфармацыя, што «каардынацыйная рада» істотна ўплывала на размеркаванне дапамогі з боку ўрадаў ЕЗ і ЗША для беларусаў.
Гнайнік прарвала са знікненнем спікеркі. Анжаліка Мельнікава знікла са 150 тысячамі еўраў, выдадзенымі заходнімі партнёрамі ейнаму фонду на дзейнасць КС і іншых NGO.
Журналісцкія спробы расследавання ўцёкаў Мельнікавай раскрылі падрабязнасці яе раскошнага жыцця ў Варшаве, дарагой кватэры, пастаянных і шматразовых паездак на адпачынак на Шры-Ланку, Кубу і Арабскія Эміраты. Сувязі з дыктатарскай Беларуссю яна пры гэтым не страчвала: туды рэгулярна ездзіў ейны муж з дзецьмі, у экзатычных краінах праходзілі сустрэчы з загадкавымі беларускімі мужчынамі спартыўнага целаскладу, якім быў забаронены ўезд у Еўрапейскі Звяз.
Некаторыя медыі агучвалі версію, што Мельнікава альбо першапачаткова працавала на беларускія спецслужбы, альбо была завербаваная апошнім часам. Ніякага дачынення да апазіцыі Анжаліка ў сваім жыцці не мела. У «палітыку» яе прапхнуў і паставіў на чале «Каардынацыйнай рады» ніхто іншы як былы міністр, амбасадар і шматгадовы служака лукашэнкаўскага рэжыму Павел Латушка, цяпер намеснік Святланы Ціханоўскай у «пераходным кабінеце». Да самога Латушкі ў мяне няма ніякага даверу: чыноўнік 25 гадоў прапрацаваў на дыктатара, а пасля звальнення ў 2020 годзе свабодна выехаў з Беларусі, каб пасля далучыцца да вывезенай КДБ у Літву Ціханоўскай.
Гэтая тройца - Ціханоўская, Латушка, Мельнікава — пастаянна змяшчалі фатаграфіі з лідарамі еўрапейскіх краін і вядомымі людзьмі. Зараз Ціханоўская маўчыць, Латушка блытаецца ў сведчаннях, а па іміджы дэмакратычнай апазіцыі нанесены адчувальны ўдар. Беларусы расчараваныя і не разумеюць, чым гэтыя «правадыры» адрозніваюцца ад Лукашэнкі.
Як сказана ў Бібліі, «не ствары сабе куміра». Разглядаць гэтых персанажаў як лідараў маглі толькі неспрактыкаваныя ў палітыцы людзі, якія дрэнна ведаюць гісторыю краіны. У пераважнай большасці беларусаў на гэтых псеўдапазіцыянераў даўно расплюшчылі вочы. Пра тое, што аўтарытэту ў іх ужо няма, акурат і сведчыла нікчэмная колькасць тых, хто галасаваў за так званую «каардынацыйную раду».
Але цырк прадаўжаецца. Замест «бізнэсвумэн» Мельнікавай прадстаўляць беларускую апазіцыю фактычна прызначылі былога лукашэнкаўскага абласнога чыноўніка Арцём Брухана. Канкурэнтам яго выступаў бізнэсовец Аляксандр Кныровіч, які да 2021 года адбываў пакаранне ў беларускай калоніі паводле абвінавачвання ў дачы хабару і нявыплаце падаткаў. Абодва персанажы ніякага дачынення да беларускага Супраціву і апазіцыі ніколі не мелі.
І зараз ужо не Мельнікава, а Брухан будзе фатаграфавацца разам з Ціханоўскай і Латушкам, прадстаўляючы «пераходную ўладу» і адначасова ўплываючы на размеркаванне шматмільённых фінансавых плыняў.
Аднак гісторыя ўжо ператварылася ў фарс. З «пераходных дзеячаў» беларусы смяюцца ўжо не менш, чым з Лукашэнкі.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org