Што адбываецца ў клубнічным краі Беларусі, які апынуўся ў эпіцэнтры замаразкаў
13- 17.05.2025, 21:48
- 12,906

Ягады з Лунінецкага раёна становяцца "залатымі".
Гэты травень перакрыў антырэкорды тэмператур некалькіх дзесяцігоддзяў у Лунінецкім раёне. Тут фіксаваліся самыя нізкія тэмпературы па краіне. Ужо зразумела: ягаднага ўраджаю не прадбачыцца на плантацыях, якія не былі накрытыя.
І, наадварот, тыя, хто перапрафіляваўся на вырошчванне трускаўкі ў цяпліцах, будуць, «у шакаладзе», піша сайт media-polesye.com.
Трускаўка з'явілася ў продажы на міні-рынку ў вёсцы Дварэц, што ля трасы М-10 Кобрын-Гомель. Ягада вырашчаная ў цяпліцы, але цудоўны смак і водар, як з градкі. За кантэйнеры 0,5 кг прадаўцы просяць 15 рублёў. Гэта значыць, кілаграм каштуе 30 рублёў. Гэта на сённяшні дзень амаль 9 еўраў.
Летась самую першую ягаду прадавалі па 25 рублёў за кг. Па такім жа кошце, па назіраннях журналістаў, - у 2023 годзе.
Цяперашні сезон паказвае - багацця трускаўкі не будзе, і, адпаведна, - кошт не апусціцца да ўзроўню мінулых гадоў.
Віной - працяглыя замаразкі, якіх Палессе не памятае. Так, напрыклад, у ноч на 11 траўня Палеская метэастанцыя зафіксавала 3 градусы марозу - халадней за ўсё па краіне, трыма днямі раней - 3,5 градуса марозу (ранейшы лакальны мінімум пратрымаўся 26 гадоў).

Журналісты пагутарылі з людзьмі, якіх клубніцы, як кажуць, год кормяць.
Клубнічнік Іван некалькі гадоў таму засяродзіў намаганні на вырошчванні трускаўкі ў цяпліцах. Высілкі ў прамым сэнсе далі свой плён. Галоўнае - ягада абароненая ад замаразкаў, сёлета ўраджай багаты. Аднак, як расказвае суразмоўца, ураджай з цяпліцы — аднамомантны: знялі, прадалі і ўсё. Ягад не так шмат, як з градкі, таму цана будзе трымацца. А на кошце адбіваюцца выдаткі, асабліва апал. Ды і попыт высокі.
Жыхарка Дварца Марыя накрывала пасадкі спанбондам. Але замаразкі былі штодзённымі, і абарона была малаэфектыўнай. Як кажа жанчына, якая разлічвала на добры заробак, пра планы давядзецца забыцца, хоць бы самім ягад хапіла.

Са слоў лунінчанкі Ірыны, зараз больш выгадна купіць трускаўку імпартную, чым пераплачваць за мясцовую. Так, у гандлёвым цэнтра "Маяк" ягада прадаецца па цане 18 рублёў (5,5 еўра) за кг. Са слоў жанчыны, ёй усё роўна, адкуль завезеная ягада, абы цана нармальная і на смак салодкая. Жанчына лічыць, што пестыцыдаў у мясцовай ягадзе можа быць больш, чым у завезенай - ніхто ж не правярае.
Перакупшчыкі ў лунінецкім раёне чакаюць сваёй гадзіны, спадзеючыся, што, як і ў мінулыя гады, ягады будуць скупляць па смешным кошце.
Прагназаваць, колькі будзе каштаваць лунінецкая ягада на Менскай Камароўцы, яны не бяруцца.
Дарэчы, у Літве зараз за кг клубніц просяць блізу 5 еўраў. Але на рынку можна купіць і танней.
У Гішпаніі 0,5 кг трускаўкі каштуе 2,49 еўра.
Так што "чырвонае золата" Лунінецкага раёна становіцца сапраўды золатам.