Хто можа не здаваць экзамены ў школе
3- 20.05.2025, 16:30
- 2,298

Расказалі ў Мінадукацыі.
Выпускныя экзамены могуць не здаваць найперш пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды ў вучэбных прадметах.
Пра гэта паведаміла кансультантка ўправы агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнай управы агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Анжэла Кудаярава.
Такіх навучэнцаў могуць вызваліць ад здачы адразу двух ЦЭ, калі яны самі гэтага захочуць. Пераможцы трэцяга этапу - гарадскога і абласнога — у сваю чаргу маюць права не здаваць адзін экзамен.
Нагадаем, ЦЭ мае здачу двух выпрабаванняў у тэставай форме: прадмета на выбар, а таксама беларускай або расейскай мовы.
«Для гэтага яны павінны былі за пяць дзён да заканчэння рэгістрацыі, гэта значыць да 1 красавіка (і яны гэта зрабілі), напісаць заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі, у якой навучаюцца», — патлумачыла Кудаярава.
Акрамя таго, па жаданні могуць быць вызваленыя ад выніковых выпрабаванняў выпускнікі, якія навучаліся дома паводле медыцынскіх сведчанняў. Аднак у такім выпадку яны страцяць магчымасць рэгістрацыі на ЦТ і не змогуць паступіць у гэтым годзе ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Цэнтралізаваны экзамен пройдзе 26 траўня (прадмет на выбар) і 29 траўня (беларуская або расейская мова).
Выпускныя выпрабаванні пасля 9 класа адбудуцца ў перыяд з 2 да 13 чэрвеня. Школьнікі будуць здаваць беларускую і расейскую мову ў фармаце выкладу, матэматыка (кантрольная работа) і гісторыя Беларусі (вусна).
Як адзначылі ў Мінадукацыі, сёлета з 11 класаў выпускаецца больш за 56 тысяч чалавек, з 9-х — больш за 102 тысячы навучэнцаў.