СМІ: Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер
20- 20.05.2025, 20:14
- 22,904

Пасля інсульту яго кінулі ў ШІЗА.
Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, які адбываў пяць гадоў пазбаўлення волі за каментары ў шклоўскай ПК-17. Раней мужчына перанёс інсульт, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на крыніцу.
Выданне адзначае, што акалічнасці трагедыі не ясныя. Дакладная дата смерці невядомая – толькі тое, што гэта адбылося ў пачатку 2025 года. Таксама няма ўпэўненасці, ці памёр Штэрмер у калоніі ці быў вывезены ў лякарню – турэмную або цывільную.
На момант смерці Валянціну Штэрмеру было 61 ці 62 гады. Ён гамяльчук. Паводле звестак Digital Intelligence Team, Валянцін нарадзіўся ў Хмяльніцкай вобласці Украіны, у горадзе Палоннае. Ён пераехаў у Гомель не пазней за 2002 год.
Вядома, што ў яго ёсць сын ад першага шлюбу і дачка ад другога шлюбу.
Да зняволення Штэрмер працаваў у розных месцах. З 2002 да 2009 года ён меў статус індывідуальнага прадпрымальніка, працаваў кіраўніком праектна-тэхнічнага аддзела ў прыватным прадпрыемстве, кіраваў будаўнічай фірмай «Авангардбізнэсрэсурс». Апошняе месца яго працы – дзяржаўнае прадпрыемства «Чырвоныя гваздзікі», якое займаецца азеляненнем і добраўпарадкаваннем у Гомелі і Гомельскай вобласці.
Валянціна Штэрмера арыштавалі ў чэрвені 2023 года. Яго абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў восем каментароў супраць расейскай агрэсіі, у якіх нібыта абражаў расейскіх вайскоўцаў і распальваў да іх варожасць. Таксама яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, а таксама ў датычнасці да нейкага «экстрэмісцкага фармавання»
У выніку 4 кастрычніка 2023 года суддзя Гомельскага абласнога суда Сяргей Багінскі асудзіў яго да пяці гадоў калоніі. Прыкладна праз два месяцы апеляцыйны суд зацвердзіў прысуд. Штэрмера ўключылі ў спіс «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Пасля гэтага Штэрмера этапавалі ў Шклоў, у калонію № 17. У адным атрадзе з ім быў палітвязень Зміцер Лукша, які ўлетку 2024 года выйшаў на волю праз памілаванне. Ён расказаў «Нашай Ніве», што адбывалася са Штэрмерам:
«Валянцін быў вельмі слабы. У калонію ён прыехаў пасля інсульту. Не ведаю, можа, у СІЗА дзе яго схапіла. Яго з каранціну паднялі ўжо ў такім стане. Пры гэтым пры мне яго кінулі ў ШІЗА.
З ім было вельмі цяжка ў адным атрадзе менавіта таму, што яму было ўжо вельмі складана жыць, а мянты ўсё яго на працу выпраўлялі.
Валянцін вельмі павольна гаварыў, ды і хадзіў з цяжкасцю – калі мы ішлі з працы, ён заўсёды адставаў, таму што не паспяваў. Плюс зімой паслізнуўся і ўпаў. У яго быў ці то пералом рукі, ці то вывіх».
Цяперашні кіраўнік шклоўскай калоніі – Аляксандр Карніенка. Гэта былы супрацоўнік магілёўскага АМАП, які на некаторы час звальняўся з органаў, але потым аднавіўся на службе. Калоніяй ён кіруе з 2018 года. Менавіта ў ёй пры нявысветленых абставінах 21 траўня 2021 года загінуў палітвязень Вітольд Ашурак.