NYT: Бразілія нанесла ўдар па расейскай выведцы
16- 21.05.2025, 21:38
- 22,534

Мясцовыя контрвыведнікі выявілі не менш за дзевяць агентаў з падробленымі дакументамі.
Расейскія выведслужбы наладзілі ў Бразіліі «канвеерны выпуск» агентаў пад прыкрыццём. Мясцовая контрвыведка здолела выкрыць маштабную шпіёнскую сетку, піша The New York Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Расейскія спецслужбы цягам некалькіх гадоў выкарыстоўвалі Бразілію як стартавую пляцоўку для сваіх элітных агентаў. Падробленыя асобы з сапраўднымі бразільскімі пашпартамі, бізнэс, рамантычныя стасункі і «мінулае», створанае з нуля — усё гэта было часткай старанна прадуманай аперацыі, мэта якой — адправіць агентаў далей: у ЗША, Еўропу і на Блізкі Усход.
Адным з выкрытых агентаў стаў Арцём Шмыроў, які хаваўся пад імем Герхард Даніэль Кампуш Віціх. Ён пражываў у Рыа-дэ-Жанэйра, меў бізнэс у сферы 3D-друку, ні ў каго не выклікаў падазрэнняў - нават у сваёй дзяўчыны. Аднак, як высветлілі следчыя, яго бразільскае паходжанне было фікцыяй: сапраўднае пасведчанне аб нараджэнні належала чалавеку, якога ніколі не існавала.
Бразільская аперацыя выкрыцця шпіёнаў, якая атрымала назву «Усход», пачалася ў 2022 годзе пасля сігналу ад ЦРУ. З тых часоў мясцовыя контрвыведнікі выявілі не менш за дзевяць агентаў з падробленымі дакументамі. Сярод іх - студэнты, мадэлі, ювеліры і нават сямейныя пары. Многія з іх пакінулі краіну да арыштаў, але некаторыя былі затрыманыя.
На думку аналітыкаў, выкрыццё гэтай сеткі стала сур'ёзным ударам па сістэме, пабудаванай яшчэ ў савецкія часы. «Толькі абраныя могуць весці такое жыццё», - казаў Пуцін у 2017 годзе пра «спецыяльных людзей» у выведцы. Аднак цяпер многія з іх назаўжды пазбавіліся магчымасці працаваць за мяжой.
Расследаванне працягваецца. Улады Бразіліі пры падтрымцы заходніх спецслужбаў абяцаюць давесці справу да канца.