«У калодзе Лукашэнкі засталіся толькі лядашчыя і мечаныя карты»
14- 23.05.2025, 13:49
- 13,706

Найлепш сітуацыю характарызуюць не прызначэнні, а сітуацыя з бульбай.
Лукашэнка зрабіў значныя перастаноўкі ў сваім наменклатурным асяроддзі. Дыктатар перавёў Наталлю Пяткевіч з пасады першага намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі на пасаду віцэ-прэм'ера. Яна змяніла Уладзіміра Караніка, які пайшоў кіраваць Акадэміяй навук, а на яе месца з пасады простага намесніка кіраўніка адміністрацыі ўзняўся Уладзімір Перцаў. Ва ўрадзе Пяткевіч будзе курыраваць сацыяльны блок. Разам з Пяткевіч ва ўрад накіраваны экс-кіраўнік КДБ і Следчага камітэта Валерый Вакульчык, прызначаны кіраўніком Апарату ўрада.
Аб чым сведчаць гэтыя перастаноўкі? Сайт Charter97.org пагаварыў з палітолагам Анатолем Котавым:
- Лукашэнка незадаволены вынікамі, якія паказвае яго адміністрацыя. А таксама гэта затыканне дзірак, якія ўтварыліся пасля папярэдніх прызначэнняў.
У Саўміне не было некаторы час віцэ-прэм'ера па сацыялцы. Гэтую дзірку трэба было затыкаць. Не было кіраўніка апарата. Калі казаць пра Акадэмію навук, то там няма вынікаў навуковай дзейнасці ад слова зусім.
З аднаго боку, гэта спроба нешта падправіць, а з другога боку - заткнуць кадравыя дзіркі, якія ўтварыліся падчас папярэдніх прызначэнняў. Гэта не зусім нармальна, калі дастаткова высокія пасады ў беларускім рэжыме працяглы час застаюцца вакантнымі.
- Наталля Пяткевіч прызначаная намесніцай прэм'ер-міністра. Навошта спатрэбілася гэтае прызначэнне?
- Гэта адно з тых прызначэнняў, якія, хутчэй, вымушаныя. Не было віцэ-прэм'ера па сацыяльнай працы, ёсць прэтэнзіі ў Лукашэнкі да таго, як функцыянуе беларуская кінематаграфія і спорт. Гэта было пазначана на нарадзе.
Праверанага кадра адправілі на фармальнае паніжэнне. Трэба закрываць гэтыя пытанні тымі людзьмі, каму Лукашэнка давярае. Гэта прызначэнне свайго чалавека ў кабінет міністраў.
Тое ж самае можна сказаць і аб прызначэнні Вакульчыка. Гэта два чалавекі, якія негалосна будуць кантраляваць працу ўрада.
- З чым звязанае вяртанне Вакульчыка? Бо пасля 2020 года яго саслалі ў Берасцейскую вобласць.
- Гэта супадзенне некалькіх фактараў. Не было кіраўніка апарата, яго перавялі на іншую пасаду. Лукашэнка чамусьці хоча ўвесці на гэтую пасаду чалавека з вайскоўцам мінулым, дысцыплінаванага.
Вакульчык дэманструе сваю лаяльнасць і, можна сказаць, некаторую эфектыўнасць у плане кіравання і кантролю даручаных яму сфер. Таму, напэўна, Лукашэнка палічыў, што гэта найлепшая кандыдатура на дастаткова высокую пасаду ў беларускай бюракратыі. Свой чалавек, дасведчаны. Таму, я б сказаў, што, напэўна, з пункту гледжання асобасных і нейкіх якасцяў, з пункту гледжання беларускага рэжыму, гэта будзе больш, чым кіраўнік апарату Саўміну.
- Уладзіміра Караніка фактычна засунулі на ценявую пасаду кіраўніка Нацыянальнай Акадэміі Навук. Патрапіў у няміласць?
— Мая думка, што гэтае вымушанае прызначэнне, з улікам таго, што спрабавалі неаднаразова ўжо праверыць эфектыўнасць дзейнасці Нацыянальнай Акадэміі Навук, якая ў больш-менш аб'ектыўных справаздачах павінна знаходзіцца ў раёне нуля, калі не сыходзіць у плоскасць адмоўных значэнняў, бо абяцанняў было шмат — вакцына, электрамабіль. Яны з'яўляюцца ва ўсіх, у каго заўгодна, акрамя Беларусі.
Нават калі параўноўваць з сусветнай канкурэнцыяй, гэта дастаткова сур'ёзнае адставанне. Хутчэй за ўсё, проста хацелі за адмоўныя заслугі адправіць у адстаўку Гусакова, а на ягонае месца прызначылі чалавека, якому Лукашэнка давярае, які хоць нешта, у адрозненне ад іншых чыноўнікаў, разумее ў навуцы.
Вяртанне Перцава ў адміністрацыю Лукашэнкі азначае, што клан Радзькова працягвае мець значэнне для дыктатара, нават узмацняе свой уплыў. Ад гэтай перастаноўкі аднак не варта чакаць нечага пазітыўнага для прасоўвання нечага беларускага ў сферы культуры, інфармацыі. Будзе прадоўжаная паўзучая русіфкацыя і саветызацыя.
Скажу, што новых асобаў няма. Гэта тасаванне старой калоды, дзе карты не проста мечаныя, але трухлявыя. Нават складана нешта назваць павышэннем ці паніжэннем. Бессэнсоўная чахарда.
Лепш за ўсё сітуацыю характарызуюць не прызначэнні, а сітуацыя з бульбай, на якую паўплываць перастаноўкамі ў апараце нельга. Рэжым не ў стане рэагаваць на ўсе выклікі, у тым ліку натуральнага характару.