Дзейнічаў прафесіянал: гішпанскія СМІ паведамляюць пра ход расследавання забойства экс-дарадцы Януковіча
- 23.05.2025, 14:53
- 6,586

Паліцыя разглядае міжнародныя аспекты справы.
Гішпанская паліцыя мяркуе, што забойства былога ўкраінскага чыноўніка Андрэя Партнова ў Мадрыдзе мае прыкметы старанна спланаванага і заказнога.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на El País.
Паводле інфармацыі следства, напад адбыўся раніцай 21 траўня ля Пасуэла-дэ-Аларкона, дзе Партноў пражываў і дзе размешчаная Амерыканская школа, якую наведвалі яго дзеці.
Злачынца чакаў ахвяру каля аўтамабіля і выпусціў па ёй не менш за дзевяць куль. Паліцыя знайшла на месцы здарэння адпаведную колькасць гільзаў.
У МУС Гішпаніі паведамілі, што нападнік дзейнічаў прафесійна. Ён выкарыстоўваў пісталет з глушыцелем, а таксама, паводле папярэдняй версіі, меў загадзя падрыхтаваны маршрут адыходу. Следчыя не выключаюць, што злачынец мог быць не адзін, а забойства было старанна арганізаванае з прыцягненнем суўдзельнікаў і зменай транспарту для ўцёкаў.
Праваахоўныя органы зараз аналізуюць запісы камер відэаназірання і вывучаюць асяроддзе Партнова ў Гішпаніі.
Шмат матываў для ліквідацыі
Становішча Партнова ў прамаскоўскім урадзе Віктара Януковіча, яго цесныя сувязі з расейцамі і ягоныя квітнеючыя дзелавыя сувязі адкрываюць шырокі спектр магчымасцяў наконт матываў яго смерці. Паліцыя не выключае ніякіх гіпотэз. Следчыя кажуць, што «пакуль нічога не зразумела», хаця вядуцца пошукі некалькіх чалавек.
Паліцыя таксама разглядае міжнародныя аспекты справы, бо Партноў быў пад санкцыямі ЗША і фігураваў у расследаваннях, звязаных з карупцыяй. Гішпанскія следчыя запыталі дадатковую інфармацыю ад украінскіх і, магчыма, іншых еўрапейскіх структур.
Улады Гішпаніі пакуль не падалі афіцыйных каментароў наконт магчымых падазраваных. Аднак крыніцы El País указваюць на тое, што асноўнай версіяй застаецца менавіта заказное забойства з палітычным ці эканамічным матывам.
Нагадаем, 21 траўня, у Мадрыдзе застрэлілі экс-дарадцу былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча Андрэя Партнова.
Як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Украіны, пасольства Украіны ўзяло справу на асабісты кантроль.