«Я ёй напісала, але тое, што здарылася потым, зрынула мяне ў шок»
14- 23.05.2025, 16:23
- 9,656

Беларуска расказала пра дзіўныя паводзіны арэндадаўцы.
Стасункі паміж арандатарамі і арэндадаўцамі – гэта часта драма. Канфлікты бываюць розныя: здараецца, што гаспадары незадаволены ахайнасцю кватарантаў, а тыя ў сваю чаргу злуюцца на занадта высокія арэндныя стаўкі. Сітуацыя, якая адбылася з Ганнай, нетыповая. Дзяўчына нават не паспела сустрэцца з патэнцыйнай уладальніцай кватэры, але ўжо ў шоку ад яе дзіўных паводзінаў. Тая папрасіла прэтэндэнтаў на каштоўныя метры запоўніць падрабязную анкету і даслаць асабістыя фота, піша Onliner.
Ганна шукала жыллё на стандартных пляцоўках у інтэрнэце і знайшла прыдатную аб'яву пра здачу кватэры на вуліцы Ангарскай у Менску. Жыллё выглядала акуратна і мела прывабны кошт – усяго $260.
– Паколькі ў нас ёсць маленькае дзіця і сабака, мала хто гатовы здаць нам кватэру, – тлумачыць дзяўчына, – І я пастанавіла ўдакладніць, падыходзім мы як арандатары ці не, каб не марнаваць час і шукаць далей.

Напісала аўтару аб'явы, ён мне скінуў старонку ў тэлеграме – нібыта гаспадыню кватэры. Я ёй напісала, але тое, што здарылася потым, зрынула мяне ў шок.
Нам была высланая анкета з пытаннямі. У нас узнікла адчуванне, што мы хочам зняць кватэру не на Ангарскай, а недзе ў vip-раёне Менска, пры гэтым з дызайнерскім рамонтам. Мы проста пасмяяліся з мужам, нічога не адказалі і шчасна забыліся.

Успомніць пра казусную сітуацыю дзяўчыну прымусіла новае паведамленне ад гаспадыні, якая, верагодна, з нецярпеннем чакала запоўненую анкету. Жанчына інкогніта спытала, ці цікавая сужэнцам дадзеная прапанова. Ганна зноў адкрыла перапіску:
– Я перагледзела анкету і ачмурэла яшчэ больш: яе адрэдагавалі і дадалі яшчэ больш пытанняў. Ад нас патрабавалася яшчэ і адправіць свае фота. Гэта непрымальна! З якой мэтай запытваюць нашыя фатаграфіі? Навошта ім уся інфармацыя пра нас? Можа, нам яшчэ і даведку ў паліклініцы ўзяць? Я адказала гэтай асобе, што кватэра не варта таго, каб дзеля яе запаўняць анкету.

Пасля такіх дзіўных зносінаў у Ганны застаўся непрыемны асадачак:
– Неўзабаве перапіска была чароўным чынам выдаленая. Нам да гэтага часу не зразумела: гэта такі новы від махлярства ці проста гаспадыня занадта адказна падышла да здачы кватэры?