Polityka: Спікерка КС магла быць завербаваная вайсковай выведкай Беларусі
37- 23.05.2025, 17:33
- 22,980

З'явіліся доказы сувязі Анжалікі Мельнікавай з беларускімі спецслужбамі.
У польскім часопісе Polityka і выданні The Insider з'явіліся новыя дэталі расследавання знікнення спікеркі «каардынацыйнай рады» Анжалікі Мельнікавай. Польскія расследавальнікі робяць акцэнт на тым, што зніклая з грашыма спікерка магла быць завербаваная вайсковай выведкай Беларусі.
Мельнікава з ніадкуль
Польскі часопіс Polityka сцвярджае, што ў структурах, блізкіх да Святланы Ціханоўскай, Анжаліка з'явілася з ніадкуль. Яна не ўдзельнічала ў масавых пратэстах супраць фальсіфікаваных выбараў у 2020 годзе, але заплаціла два штрафы за заклікі да супраціву ў чаце.
У верасні 2020 года яна эмігравала ў Кіеў са сваім мужам-праграмістам Андрэем Мельнікавым. У 2021 годзе муж і жонка пераехалі ў Польшчу ў горад Беласток. Там Мельнікава, як пішуць польскія расследавальнікі, пачала шукаць кантакты з беларускай апазіцыяй.
Яна пачынала з працы з невялікім фондам, але ў 2023 годзе апынулася зусім у іншым становішчы – на галоўных ролях у Нацыянальным антыкрызісным кіраванні Паўла Латушкі.
«Анжаліка добра размаўляе па-ангельску, умее запаўняць заяўкі на гранты. Кіраўнік НАК Павел Латушка быў вельмі задаволены супрацоўніцтвам з ёю. Мельнікава пачынае рабіць кар'еру», – піша Polityka.
Адпачынак на Кубе
У 2022 годзе Анжаліка выправіла дзяцей да сваёй маці ў Беларусь, у горад Нясвіж, а сама пераехала ў Варшаву. У сярэдзіне 2023 года Мельнікава паляцела ў адпачынак на Кубу, дзе павінна была сустрэцца з маці.
«Анжаліка бярэ адпачынак з 16 жніўня да 1 верасня 2023 года і ляціць у Варадэра. Яна вяртаецца проста на эканамічны форум у польскім Карпачы. Мельнікава не хавала свайго знаходжання на Кубе», – піша Polityka.
Масква – Варадэра – Масква
У паездцы на Кубу было нешта незвычайнае, пра што Мельнікава не згадвала.
Журналісты Беларускага расследавальнага цэнтра высветлілі, што нехта набыў квіток на імя Анжалікі, выкарыстоўваючы звесткі яе беларускага пашпарта. Гэта быў квіток расейскай авіякампаніі Nord Wind па маршруце Масква – Варадэра – Масква.
«Які гэта мела сэнс, калі Мельнікава жыла ў Варшаве, з якой з пачатку вайны ва Украіне не было авіязносінаў са сталіцай Расеі?» – задаецца пытаннем Polityka.
Высветлілася, што разам з маскоўскім квітком для Мельнікавай быў забраняваны і набыты квіток на імя чалавека з беларускім пашпартам Аляксея Гардзеева.
Польскія расследавальнікі адзначаюць, што ў супрацоўніцтве з парталам «The Insider» ім удалося ўстанавіць, што Аляксей Гардзееў з'яўляецца супрацоўнікам беларускай выведкі. Ягонае сапраўднае імя – Аляксей Вітальевіч Лабееў. Ён нарадзіўся ў сям'і беларускага вайскоўца ў 1993 годзе і скончыў вайсковы факультэт БДУ.
Выданне прыводзіць некаторыя падрабязнасці біяграфіі Лабеева, бацька якога, паводле звестак расследавальнікаў, таксама быў звязаны са спецслужбамі, служыўшы ў беларускай вайсковай выведцы ГРУ. Лабееў жанаты з Марынай Лабеевай, народжанай Міхнавец.
Пры гэтым, адзначае выданне, Мельнікава не скарысталася маскоўскім квітком, а прыбыла на Кубу іншым рэйсам, у той час як Лабееў прыляцеў рэйсам Nord Wind разам Аксанай Саўчанкай, маці Мельнікавай.
«Ці былі Лабееў і Мельнікава знаёмыя раней? Ці была іх сустрэча на Кубе аператыўнай гульнёй беларускай вайсковай выведкі? Якая была роля Аксаны Саўчанкі? Ці звязвала яна дачку з агентам?» – ставяць пытанні польскія расследавальнікі.
Не выключана, што агент беларускага ГРУ быў сувязным спікеркі КС са спецслужбамі.
Наступная сустрэча Мельнікавай і Лабеева, паводле версіі журналістаў, адбылася ў студзені 2025 года на Шры-Ланцы, пра яе ўжо паведамлялася ў папярэдніх расследаваннях Polityka.
На Шры-Ланку ж яна вылецела з Лондана пасля свайго знікнення ў лютым сёлета, адкуль накіравалася ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты якія, паводле звестак расследавальнікаў, таксама пакінула, і цяпер месцазнаходжанне Мельнікавай невядомае.