Беларусы праігнаравалі заклік Лукашэнкі
41- 24.05.2025, 21:08
- 33,632

Чаму дэмаграфія Беларусі горшая чым у суседзяў.
Белстат пасля шматгадовага перапынку апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці ў Беларусі. Згодна з гэтымі афіцыйнымі звесткамі летась у нас у краіне нарадзілася блізу 60 тысяч дзяцей. У паўтара разы менш у параўнанні з 2019 годам.
Пра тое, чаму дэмаграфія Беларусі горшая чым ва ўсіх нашых суседзяў - у новым выпуску праграмы Аляксея Мазартава «Оптымум» на Ютуб-канале «Белорусы и рынок».
Можна, вядома, казаць, што нараджальнасць падае ўсюды. Што ўсе краіны, усе нашыя суседзі перажываюць сур'ёзныя дэмаграфічныя праблемы. Сапраўды, падае, і сапраўды перажываюць.
Але ёсць такі паказчык, як колькасць нованароджаных на тысячу жыхароў. І вось у Беларусі летась ён склаў 6,5 дзяцей на 1000 чалавек. У Еўразвязе летась толькі ў Італіі ўзровень нараджальнасці быў такім жа нізкім, як у Беларусі. Ва ўсіх астатніх еўрапейскіх краінах ён быў вышэйшы. Уключаючы нашых найбліжэйшых суседзяў, пра гаротнае становішча якіх так любяць расказваць беларускія дзяржаўныя медыі.
Але калі суседнія краіны і выміраюць, дык не так хутка, як Беларусь. Бо ў Літве паказчык нараджальнасці летась склаў 7,7. У Польшчы - 6,7.
Яшчэ горш, калі параўнаць нас з партнёрамі па Еўразійскім саюзе. У Казахстане ўзровень нараджальнасці летась быў 18 дзяцей на 1000 чалавек. У Арменіі - 11. І нават у Расеі, якая скардзіцца на катастрафічную дэмаграфічную сітуацыю, летась на 1000 чалавек нарадзілася больш за восем дзяцей.
З усіх беларускіх суседзяў на карысць Беларусі параўнанне атрымліваецца толькі з Украінай. Там летась на 1000 чалавек нарадзілася менш за шэсць дзяцей. З аднаго боку, Украіна, якая ваюе ўжо тры гады, а з другога – мірная, квітнеючая Беларусь. І паказальна, што паказчыкі нараджальнасці пры гэтым увогуле супастаўныя.
Ва ўладаў, вядома, ёсць вельмі простае тлумачэнне і вельмі просты рэцэпт. Беларускія ўлады любяць простыя тлумачэнні і простыя рэцэпты. З гледзішча ўладаў ва ўсіх дэмаграфічных праблемах беларусаў вінаватыя беларусы. З пункту гледжання ўладаў беларусы ўвогуле ва ўсім заўсёды вінаватыя.
«Ёсць шлях, выйсце з гэтага становішча. Трэба нараджаць. Трое, чацвёра, а лепш пяцёра. Мы што не робім для такіх людзей нічога? Робім. Не дапрацоўваем адзін да трох, нараджаць не хочам і працуем без энтузіязму», - казаў Лукашэнка, калі тлумачыў свой план завезці ў краіну 150 тысяч пакістанцаў.
Але я хачу звярнуць увагу на адно цікавае супадзенне. Асабліва значнае зніжэнне ўзроўню нараджальнасці ў Беларусі пачалося з 2020 года. То бок, роўна тады, калі пачалася масавая эміграцыя беларусаў. Нагадаю, што на пачатак гэтага года з Беларусі з'ехалі як мінімум 600 тысяч чалавек.
Пры ўсіх дэмаграфічных праблемах, якія тады ўжо былі, узровень нараджальнасці ў 2019 годзе ў Беларусі складаў 9,3 на 1000 чалавек. З пачаткам масавай эміграцыі з Беларусі ён упаў у паўтара разы. Таму што эмігрыруюць у асноўным людзі фертыльнага ўзросту. Якія зараз дапамагаюць развязваць дэмаграфічныя праблемы ўжо не Беларусі, а суседніх краінам.
І вось замест пустых заклікаў аб тым, што трэба больш нараджаць, лепш бы беларускія ўлады паклапаціліся аб тым, каб стварыць такія ўмовы, пры якіх, па-першае, людзі з краіны не з'язджалі б, а па-другое, каб тыя, хто з'ехаў, захацелі б вярнуцца. Але для гэтага беларускім уладам трэба змяніць стаўленне да беларусаў. А вось акурат гэтага яны зрабіць не могуць. Ды і не вельмі хочуць.