«Далей расейцам будзе вельмі цяжка»
1- 24.05.2025, 20:44
- 8,898

Яны цяпер “даядаюць” тое, што назапасілі за гады высокіх коштаў нафты.
Новая летняя кампанія 2025 года і спробы дыктатара Уладзіміра Пуціна паспрабаваць праламаць украінскую абарону могуць быць выкліканыя тым, што рэсурсаў весці агрэсіўную вайну ў Расеі ў наступным годзе ўжо можа не быць.
Пра гэта ў інтэрв'ю “Тэлеграфу” расказаў вайсковы аналітык, дырэктар платформы New Geopolitics Research Network Міхаіл Самусь. Ён патлумачыў, што кошт нафты ўпаў ніжэй за дапушчальны для расейскага бюджэту.
- Яны цяпер “даядаюць" тое, што назапасілі за гады высокіх коштаў нафты. І яны гэта могуць “праесці” акурат да верасня-лістапада гэтага года. Вось яны спрабуюць правесці летнюю кампанію, выкласціся максімальна, адхапіць яшчэ нейкую тэрыторыю Украіны (у ідэале акупаваць увесь Данбас), а потым ужо пачынаць казаць пра тое, што яны гатовыя да спынення агню або якіх-небудзь перамоў, — кажа вайсковы экспэрт.
На ягоную думку, Пуцін пераконвае ўсіх, што ў яго ёсць карты на руках, а ў Зяленскага — няма.
- І летняя кампанія - ягоны апошні шанец. А далей расейцам будзе вельмі цяжка. Будуць санкцыі ці не будуць, гэта ўжо не важна. Кошты нафты фармуюць магчымасць вядзення вайны. Нават зняцце санкцый не паляпшае сітуацыю, бо нафта не будзе прыносіць даход расейскаму бюджэту. Даход, дастатковы для вядзення шырокамаштабнай вайны, — дадаў дырэктар New Geopolitics Research Network.
З ягоных слоў, Пуцін хацеў бы адкласці рэальныя перамовы на восень ці пачатак зімы, а ў Стамбуле ён толькі гуляў у зацягванне.