Расійскі алігарх Малафееў прапанаваў скасаваць у РФ пенсіі
59- 25.05.2025, 22:15
- 20,654

На яго думку, гэта падштурхне моладзь мець як мага больш дзяцей.
Заснавальнік холдынгу «Царград», бізнэсовец Канстанцін Малафееў выступіў за скасаванне пенсій для расейцаў, якія нарадзіліся пасля 1995 года. На яго думку, гэта падштурхне моладзь мець як мага больш дзяцей, каб тыя забяспечвалі сваіх бацькоў у будучым. Цяпер жа грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў нібыта спадзяюцца на будучую пенсію па старасці і таму не імкнуцца ствараць сем'і, упэўнены ён. «Пенсіі замянілі дзяцей… Пакаленне сёлетніх пенсіянераў не мае дзяцей, бо спачатку савецкая, а потым ліберальная дзяржаўная прапаганда агітавала жыць спачатку для камсамольскіх будоўляў, а потым для сябе любага. Гэтыя людзі ўжо нікога не народзяць, каб выправіць сваю маладзетнасць. А вось у дачыненні да будучых пенсіянераў - цяперашняй моладзі – такі захад можа быць вельмі перспектыўным», - заявіў бізнэсовец.
Малафееў нагадаў, што ў Расейскай імперыі пенсіі давалі толькі абмежаванаму колу асоб, нягледзячы на гэта «кожная жанчына нараджала блізу сямі дзяцей» і ніхто не чакаў грошай ад дзяржавы. А ўжо пасля рэвалюцыі сярэдняя колькасць дзяцей у сям'і зменшылася да трох праз абвяшчэнне «ўсеагульнай роўнасці», калі жанчыны сталі працаваць на цяжкіх мужчынскіх прафесіях, адзначыў бізнэсовец. З яго слоў, у далейшым сітуацыя толькі пагаршалася: «дзяўчаты пайшлі ў інстытуты і сталі рабіць кар'еру», а ў 1990-я гады самарэалізацыя, «уласная свабода, грошы і спажывецтва» і зусім «сталі мэтай жыцця», у выніку колькасць дзяцей на адну жанчыну скарацілася да 1,4, паведамляе The Moscow Times.
«Чаму б не абвясціць, што пенсійныя ўнёскі ў Сацыяльны фонд спыняць збіраць праз 10 гадоў, а грамадзян, напрыклад, пачынаючы з 1995 года нараджэння не чакае дзяржаўная пенсія ўвогуле? Ужо сабраныя з іх заробку пенсійныя зборы будуць пералічаныя ім назад. Адпаведна, няхай самі ў свае 30 гадоў вызначаюць, збіраць ім грошы ці нараджаць дзяцей, якія не пакінуць іх у старасці», - рэзюмаваў Малафееў. У адказ кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі ў канстытуцыйным заканадаўстве Андрэй Клішас нагадаў, што сацыяльнае забеспячэнне расейцаў гарантаванае Канстытуцыяй.
Тым часам Расея можа сутыкнуцца з неабходнасцю падняць пенсійны ўзрост да 80 гадоў ужо пасля 2050 года. Такі прагноз змяшчаецца ў дакладзе УЦДГМ. Дарэчы, там гаворыцца пра «дэмаграфічную зіму», якая наступіць праз некалькі дзесяцігоддзяў без міграцыі і рабатызацыі, пры захаванні сучасных трэндаў нараджальнасці, а таксама цяперашніх паказчыкаў смяротнасці і працягласці жыцця. У выніку колькасць насельніцтва Расеі да канца XXI стагоддзі скароціцца ўдвая. Незалежны дэмограф Аляксей Ракша сказаў, што ўважае менавіта гэты сцэнар за найболей рэальны.
Паводле афіцыйнага прагнозу Расстата, у 2023-2046 гадах Расея страціць 12 700 000 чалавек у выніку перавышэння смяротнасці над нараджальнасцю. Колькасць дзяцей і падлеткаў у краіне да пачатку 2040-х скароціцца на 26% - з 27,2 да 20 млн, а іх доля ў насельніцтве ўпадзе з 18,5% да 14,2%. Доля пенсіянераў, наадварот, павялічыцца з 24,5% да 26,9% у 2046 годзе.