У кіраўніка РПЦ Гундзяева – афіцыйнае раздваенне асобы
11- 27.05.2025, 14:04
- 7,168

У падатковай сістэме РФ ён стаў «Іванам Прохаравым».
Загадкавая гісторыя адбылася з кіраўніком РПЦ Кірылам (у свеце - Уладзімірам Гундзяевым). У падатковай сістэме ён стаў Іванам Прохаравым з тымі ж пашпартнымі звесткамі, але пры гэтым захаваў і сваё рэальнае імя, піша «Точка».
Пра тое, што ў патрыярха ёсць другое імя ў падатковай службе, у студзені расказала праграма «Можем объяснить». Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў праект расследаванняў «Сістэма». Высветлілася, што ў сістэме ФНС патрыярха клічуць Іван Захаравіч Прохараў - усе астатнія пашпартныя звесткі, уключаючы ІНАУ і дату нараджэння, супадаюць са звесткамі Кірыла.

У рэчаіснасці такога чалавека не існуе. «Сістэма» ў сваю чаргу ўдакладніла, што ў прадстаўнікоў РПЦ такое заўважаецца ўпершыню. Выданне параўноўвае «раздваенне Кірылы» з казусам Патрушава - ён схаваны ў ФНС пад псеўданімам Яўген Лукаў, высветліў раней «МО».
Насамрэч гэта дзве розныя сітуацыі. Патрушаў з яго актуальнымі пашпартнымі звесткамі, ІНАУ і датай нараджэння наогул адсутнічае ў сістэме ФНС (затое там ёсць Лукаў). А вось патрыярх прысутнічае там адразу ў двух іпастасях - яго пашпартныя звесткі і ІНАУ ёсць адначасова ва Уладзіміра Гундзяева і Івана Прохарава.
Журналіст-расследавальнік Андрэй Захараў расказваў, што расейская падатковая служба з 2019 года выкарыстоўвае сістэму «Падатак-3», якая дазваляе ў ручным рэжыме мяняць ПІБ высокапастаўленых чыноўнікаў і іх сваякоў. Усё гэта робіцца, каб схаваць іх даходы і ўласнасць. Але двайнік патрыярха Кірыла, мяркуючы з выцекаў, нічым не валодае і нідзе не атрымлівае заробак (у адрозненне ад двайніка Патрушава, які «зарабляе грошы» ў адміністрацыі прэзідэнта).
У выпадку з патрыярхам Кірылам гаворка магла б ісці аб рэестравай памылцы ў сістэме ФНС. Аднак яе журналісты заўважылі яшчэ ў студзені, але патрыярх па-ранейшаму можа даваць справаздачу аб падатках пад чужым прозвішчам.