NYT: Заўважаная актыўнасць расейцаў каля Запарожскай АЭС
5- 27.05.2025, 14:28
- 5,246

Расея хоча запусціць станцыю?
Расея пачала пракладаць новыя лініі электраперадачы ў акупаваных раёнах паўднёва-ўсходняй Украіны, што, паводле інфармацыі Greenpeace і спадарожнікавых здымкаў, пацвярджае намер Масквы перазапусціць найбуйнейшую ў Еўропе Запарожскую АЭС, піша The New York Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Паводле справаздачы, прадстаўленай Greenpeace і пацверджанай The New York Times, з лютага 2024 года Расея вядзе будаўніцтва больш чым 80 кіламетраў ліній электраперадачы паміж акупаванымі Марыупалем і Бярдзянскам. Мэта - злучыць гэтыя лініі з падстанцыяй каля Марыупаля, якая патэнцыйна можа быць звязаная з Запарожскай АЭС, размешчанай прыкладна ў 220 км на захад.
«Планы Пуціна па перазапуску Запарожскай АЭС залежаць ад новых ЛЭП - гэта першыя рэальныя довады», - заявіў Шон Берні, спецыяліст па ядзерных тэхналогіях Greenpeace.
Захопленая на пачатку вайны станцыя знаходзіцца ў небяспечнай блізкасці да лініі фронту. Эксперты неаднаразова папярэджвалі аб рызыках перазапуску АЭС ва ўмовах канфлікту, асабліва пасля разбурэння дамбы на Дняпры, якая забяспечвала станцыю вадой для ахаладжэння рэактараў.
Афіцыйны Кіеў называе магчымы запуск станцыі пад кантролем Расеі пагрозай глабальнай бяспецы. Міністр энэргетыкі Украіны Герман Галушчанка заявіў: «Усе спробы запуску рэактараў прадстаўнікамі РФ могуць прывесці да непрадказальных наступстваў».
Пакуль застаецца незразумелым, ці хоча Масква запусціць станцыю ўжо падчас баявых дзеянняў ці пасля магчымага заканчэння вайны. У кожным выпадку, для падключэння станцыі да расейскай энэргасістэмы спатрэбіцца будаўніцтва дадатковых ЛЭП, што можа заняць значны час.
Расея адпрэчыла прапановы ЗША і краін Захаду аб перадачы кантролю над станцыяй Украіне ці міжнародным структурам. Кіраўнік «Расатама» Аляксей Ліхачоў пацвердзіў планы па аднаўленні поўнай магутнасці станцыі, але прызнаў, што «асноўнай задачай застаецца аднаўленне энэргасетак».