The Bulwark: Тры канструктыўныя крокі ЗША, якія сапраўды дапамаглі б Украіне
9- 27.05.2025, 22:38
- 9,122

Нават у выпадку, калі Трамп пастановіць «адысці» ад удзелу ва ўрэгуляванні.
На фоне абвастрэння вайны ва Украіне і нестабільнай пазіцыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў дачыненні да канфлікту аналітыкі прапануюць тры рэалістычныя крокі, якія ЗША могуць зрабіць для падтрымкі Кіева – нават у выпадку, калі Трамп пастановіць «адысці» ад удзелу ва ўрэгуляванні, піша The Bulwark (пераклад – сайт Charter97.org).
Нягледзячы на рэзкую крытыку Пуціна за масаваныя ракетныя ўдары па ўкраінскіх гарадах, Трамп па-ранейшаму дае неадназначныя ацэнкі на адрас прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. У той самы час у ЗША захоўваецца грамадскі і палітычны кансэнсус пра важнасць канфлікту: 69% амерыканцаў уважаюць вайну за значную для нацыянальных інтарэсаў.
У гэтай сітуацыі прапануюцца тры канструктыўныя кірункі дзеянняў:
Крок першы: прадаваць зброю Украіне.
У красавіку Зяленскі прапанаваў ЗША заключыць кантракт на набыццё ўзбраенняў на $ 50 млрд, падкрэсліваючы, што Украіна гатовая плаціць за ўсё самастойна. Першапачаткова прапанова была праігнараваная, але ў траўні Белы дом заявіў пра гатоўнасць дазволіць прамыя камерцыйныя продажы амерыканскіх узбраенняў памерам не менш як на $50 млн. Гэта толькі малая частка ў параўнанні з ужо вылучанымі $129 млрд дапамогі, але важны крок у бок абароннага супрацоўніцтва.
Кіеў асабліва зацікаўлены ў набыцці дзесяці ЗРК Patriot коштам блізу $ 15 млрд. Гэтыя сістэмы крытычна важныя для абароны ўкраінскіх гарадоў ад расейскіх балістычных ракетаў.
Крок другі: узмацніць жорсткасць санкцый супраць Расеі.
Больш за 70 сенатараў падтрымалі двухпартыйны законапраект, распрацаваны сенатарамі Ліндсі Грэмам, Томам Катонам і Рычардам Блюменталем. Дакумент прадугледжвае ўвядзенне жорсткіх санкцый супраць краінаў, якія прадаўжаюць гандляваць з Расеяй, у тым ліку 500-адсоткавыя ўвазныя мыты. Гэта накіравана на перакрыццё шляхоў абыходу, такіх як «ценевы флот».
Хоць Трамп раней заяўляў пра магчымасць узмацнення ціску на Маскву, канкрэтных дзеянняў пакуль не было. Эксперты заклікаюць Кангрэс ЗША і еўрапейскіх хаўруснікаў не дазволіць Беламу дому блакаваць намаганні ЕЗ у нарошчванні эканамічнага ціску на Крэмль.
Крок трэці: дзяліцца выведнымі звесткамі.
Перадача амерыканскіх выведных звестак застаецца ключавым чыннікам эфектыўнасці ўкраінскіх ваенных аперацый. Гэтая інфармацыя дазваляе своечасова рэагаваць на ракетныя напады, карэктаваць удары па складах, аэрадромах і іншых важных цэлях.
У сакавіку Трамп часова прыпыніў абмен выведнымі звесткамі з Кіевам на знак пратэсту супраць пазіцыі Зяленскага. Гэта прывяло да збояў у працы ўкраінскіх сістэмаў узбраення і актывізацыі наступу расейскіх войскаў. Канчатковае спыненне плыні звестак пазбавіла б ўкраінскае войска крытычна важнага рэсурсу.
Хоць многія не чакаюць ад Трампа ўстойлівай лініі датычна Украіны, менавіта гэтыя тры кірункі – продаж узбраенняў, узмацненне санкцый і захаванне выведнай падтрымкі – могуць стаць асновай прагматычнай палітыкі ЗША. Ініцыятыва ўжо атрымлівае падтрымку ў Кангрэсе і сярод амерыканскіх абаронных кампаній, зацікаўленых ва ўмацаванні партнёрства з Украінай.