15 чэрвеня 2025, Нядзеля, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайсковых авіятараў ГУВ і Буданава ўзнагародзілі за ўнікальную аперацыю ў Кіеве

1
Вайсковых авіятараў ГУВ і Буданава ўзнагародзілі за ўнікальную аперацыю ў Кіеве
Кірыл Буданаў

Генерал-лейтэнант Кірыл Буданаў атрымаў вышэйшую ўзнагароду ДСНС.

За ўдзел у ліквідацыі наступстваў расейскага тэрарыстычнага ўдару па сталіцы старшыня Дзяржаўнай службы Украіны ў надзвычайных сітуацыях Андрэй Данік адзначыў узнагародамі вайсковых авіятараў Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны.

Пра гэта паведамляе Цензор.НЕТ са спасылкай на прэс-цэнтр ДСНС.

Начальнік ГУВ МА Украіны генерал-лейтэнант Кірыл Буданаў атрымаў вышэйшую ўзнагароду ДСНС - «Знак пашаны». Шасцёра пілотаў авіяцыйнага падраздзялення ГУВ - Маэстра, Чыбіс, Д'Артаньян, Маркус, Добры і Гном - узнагароджаныя нагрудным знакам «За адвагу ў надзвычайнай сітуацыі».

«Авіятары ГУВ дзейнічалі хутка, рашуча і зладжана - менавіта ў той момант, калі гэта было крытычна важна для бяспекі кіянаў. У складаных варунках яны прадэманстравалі майстэрства і адвагу. Дзякуючы ім удалося лакалізаваць пажар і выратаваць мірныя аб'екты. Гэта прыклад высокага прафесіяналізму і надзейнага партнёрства паміж службамі», - сказаў Данік.

«Ганаруся майстэрствам нашых пілотаў і ўдзячны калегам з ДСНС за высокую ацэнку іх дзеянняў. Вайсковая выведка гатовая дзейнічаць усюды, дзе ёсць пагроза жыццю ўкраінцаў», - падкрэсліў Буданаў.

На даручэнне начальніка ГУВ, да выратавальнай аперацыі былі прыцягнуты экіпажы двух шматмэтавых верталётаў Ка-32. Авіятары працавалі ва ўмовах моцнай задымленасці, высокай тэмпературы і шквальнага ветру. Верталёты ажыццявілі 40 скідаў вады агульным аб'ёмам да 120 тон, што дазволіла спыніць распаўсюджванне агню і выратаваць тры прамысловыя прадпрыемствы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

OSZAR »