4 чэрвеня 2025, Серада, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая першая лэдзі Польшчы: Што вядома пра жонку Караля Наўроцкага

Новая першая лэдзі Польшчы: Што вядома пра жонку Караля Наўроцкага

Марта Наўроцкая падзяляе каштоўнасці мужа і была важным элементам ягонай перадвыбарнай кампаніі.

Паводле вынікаў падліку 100% пратаколаў, у Польшчы на прэзідэнцкіх выбарах перамог кандыдат, які падтрымліваецца апазіцыйнай партыяй «Права і справядлівасць», 42-гадовы Караль Наўроцкі.

Charter97.org расказвае галоўнае, што трэба ведаць пра новую першую лэдзі Польшчы, 39-гадовую Марту Наўроцкую.

Як і яе муж, 39-гадовая Марта Наўроцкая родам з горада Гданьска. Выпускніца факультэта права і адміністрацыі Гданьскага ўніверсітэта. Свой прафесійны шлях пачала ў Мытнай службе Польшчы, аднак пазней змяніла кар'ерны вектар. З 2017 года перайшла ў нацыянальную падатковую адміністрацыю (KAS). Яна спецыялізуецца на маніторынгу нафтавай і спіртной прамысловасці і барацьбе з незаконнымі азартнымі гульнямі. Паводле словаў самой Наўроцкай, яе праца «патрабуе вялікай мужнасці».

На сваёй старонцы ў Instagram Наўроцкая паказвецца як шчаслівая жонка, маці і супрацоўніца падатковай службы.

«Я падтрымліваю мужа на шляху, які ён абраў», – гаворыцца ў яе візітоўцы.

Караль і Марта Наўроцкія разам выхоўваюць траіх дзяцей: сыноў Даніэля і Антоні, і дачку Катажыну. Даніэль з'яўляецца прыёмным сынам новага прэзідэнта Польшчы – палітык пазнаёміўся з будучай жонкай, калі хлопчыку было два гады. Тым не менш Наўроцкі выгадаваў яго як уласнае дзіця. Цяпер ужо дарослы Даніэль спрабуе свае сілы ў журналістыцы і цікавіцца палітыкай – у 2024 годзе балатаваўся ў гарадскую раду Гданьска ад партыі «Права і справядлівасць».

«Мяне скарыла тое, што для Караля не было перашкодай тое, што мне 19 гадоў і ў мяне ёсць двухгадовы сын», – расказала Марта Наўроцкая пра пачатак стасункаў з мужам.

Ён жа адгукаецца пра сваю першую лэдзі, як пра жонку, маці сваіх дзяцей і верную сяброўку, на якую заўсёды можна спадзявацца.

На час перадвыбарчай кампаніі мужа Марта Наўроцкая ўзяла адпачынак і была актыўнай удзельніцай розных мерапрыемстваў, звязаных з будучымі выбарамі. «Я не магу ўявіць, як можна не падтрымаць свайго мужа ў гэтым важным падарожжы. Я прыпыніла сваю прафесійную дзейнасць на час выбарчай кампаніі, так што, без сумневу, Караль і Вы можаце спадзявацца на мяне», – напісала ў лютым 2025 года ў сваім Instagram Наўроцкая.

Сваімі з'яўленнямі на публіцы яна падкрэслівала традыцыяналізм і сямейныя каштоўнасці. «Першая лэдзі – гэта не знакамітасць і не актывістка. Гэта той чалавек, які павінен прапаноўваць падтрымку і паказваць, што ў дзяржавы моцныя асновы», – перакананая жонка Караля Наўроцкага.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

OSZAR »