26 чэрвеня 2025, Чацвер, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін забараніў расейскім навукоўцам кантактаваць з замежнікамі без кантролю ФСБ

16
Пуцін забараніў расейскім навукоўцам кантактаваць з замежнікамі без кантролю ФСБ

Закон стварае перадумовы для новай хвалі пераследу ў навуковым асяроддзі.

Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які надзяляе ФСБ паўнамоцтвамі кантролю над супрацоўніцтвам расейскіх навуковых арганізацый з замежнікамі. Дакумент, апублікаваны на партале прававой інфармацыі, уносіць змены ў федэральны закон «Аб навуцы і дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыцы» і пачне дзеянне з 1 верасня 2025 года (за выключэннем асобных палажэнняў, для якіх прадугледжаныя іншыя тэрміны).

Згодна з новаўвядзеннямі, ФСБ будзе адсочваць узаемадзеянне расейскіх даследчых інстытутаў, універсітэтаў і іншых навуковых структураў з замежнымі грамадзянамі і арганізацыямі. Для гэтага будзе сфармаваны пералік кірункаў навуковай дзейнасці, удзел у якіх іншаземцаў дапускаецца толькі пры ўзгадненні з ФСБ. Зацвярджэнне гэтага спісу ўскладзена на ўрад РФ.

Навуковыя ўстановы, якія плануюць працаваць з замежнымі партнёрамі ў кірунках з зацверджанага спісу, будуць абавязаныя загадзя апавяшчаць спецслужбу. Акрамя таго, закон дае ФСБ доступ да Адзінай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы ўліку навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і тэхналагічных працаў цывільнага прызначэння (ЕГІСУ НДДКТР). Праз гэтую платформу спецслужба зможа аналізаваць праекты з удзелам замежнікаў наконт патэнцыйных пагрозаў нацыянальнай бяспецы.

Таксама дакумент пашырае паўнамоцтвы Мінадукнавукі: установа зоймецца ўлікам дамоваў, заключаных расейскімі навуковымі арганізацыямі з замежнымі кампаніямі і грамадзянамі, калі размова ідзе пра працы, што фінансуюцца з бюджэту.

У тлумачальнай запісцы да закона гаворыцца, што гэтыя захады накіраваныя на прадухіленне выцечкі вынікаў навуковых даследаванняў за мяжу. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ініцыятыва нібыта не абмяжоўвае свабоду навуковай творчасці і не павінна перашкаджаць навуковай дзейнасці.

Тым не менш, як адзначаюць апытаныя T-Invariant навукоўцы, фармулёўкі закону застаюцца вельмі расплывістымі. Гэта, на іхнюю думку, стварае перадумовы для новай хвалі пераследу ў навуковым асяроддзі – аналагічнай той, што раней абрынулася на спецыялістаў, якія займаліся распрацоўкамі ў галіне гіпергукавых тэхналогій.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

OSZAR »