Кожны чацвёрты юны беларус мае праблемы са здароўем
7- 3.06.2025, 20:24
- 6,806

Вінаватая школа.
У кожнага чацвёртага школьніка ёсць праблемы са здароўем. Пра не зусім стандартныя прычыны праблемы расказала прафесарка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта доктар медыцынскіх навук Алена Гузік.
Амаль палова першакласнікаў мае першую ці другую групы здароўя, але з кожным класам адсотак няўмольна зніжаецца. Ужо ў 10-11 класах ён апускаецца да мізэрных 10%. Фактычна, 9 з 10 школьнікаў маюць якія-небудзь праблемы са здароўем.
«Часцей за ўсё гэта парушэнні паставы, зроку, скаліёз», – падае словы прафесара «Минск-Новости».
Асноўнай прычынай пагаршэння здароўя з'яўляецца маларухомасць дзяцей. Так адбываецца не толькі з-за «заліпання» у Tik-Tok.
Прафесарка Гузік паказала яшчэ і на падвышаныя навучальныя нагрузкі і вялікую колькасць часу, якую школьнікі выдаткоўваюць на выкананне хатняга задання.
Праз усе гэтыя чыннікі дзеці мала бываюць на дварэ і атрымліваюць сабе крывую спіну і дрэнны зрок.
У шчыльным графіку школьнікаў, асабліва тых, хто неўзабаве будзе паступаць у ВНУ, дастаткова вылучыць хоць бы гадзіну, каб паправіць здароўе. Не абавязкова бегаць або цягаць жалеза – дастаткова шпацыру.
Такое простае дзеянне станоўча адаб'ецца на стане сардэчна-сасудзістай сістэмы, нармалізуе артэрыяльны ціск, знізіць узровень глюкозы ў крыві і дапаможа прыбраць лішнюю вагу.
Акрамя таго, палепшыцца стан косцёва-цягліцавай тканкі, стрававальнай сістэмы, падвысяцца кагнітыўныя здольнасці, палепшыцца настрой.
Прафесарка Гузік адзначыла, што нават у немаўляці павінна быць дастатковая рухальная актыўнасць і аптымальны рэжым дня і адпачынку. Ім трэба хоць бы 30 хвілін у дзень ляжаць на жываце.
Ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў неабходна 3 гадзіны трэба рухальнай актыўнасці. Дзецям 3-4 гадоў будзе карысна 1,5 гадзіны на дзень займацца фізічнымі нагрузкамі. А дашкольнікам актыўна рухацца трэба як мінімум гадзіну на дзень.