У Ілана Маска з'явіўся канкурэнт у Японіі
3- 4.06.2025, 17:55
- 3,996

Японскі прыватны касмічны апарат рыхтуецца да пасадкі на месяц.
Японская кампанія ispace мае намер здзейсніць гістарычную пасадку на месяц ужо ў гэты чацвер, 5 чэрвеня, піша выданне Space (пераклад - сайт Charter97.org).
Месяцовы пасадачны апарат Resilience паспрабуе прызямліцца ў раёне Mare Frigoris («Мора холаду») — базальтавай раўніне на паўночнай кулі месяца.
Калі пасадка пройдзе паспяхова, гэта стане значным дасягненнем для кампаніі ispace і ўсёй Японіі, якая да сёння ажыццявіла толькі адну паспяховую мяккую пасадку на месяц — апарата SLIM ад Японскага агенцтва аэракасмічных даследаванняў (JAXA), ажыццёўленую летась. Гэта таксама важны крок для камерцыйных касмічных палётаў, якія ўсё больш актыўна арыентуюцца на месяц.
Resilience - другі месяцовы пасадачны апарат ispace. Першы апарат дасягнуў арбіты Месяца, але пацярпеў няўдачу пры пасадцы ў красавіку 2023 года. Калі Resilience прызямліцца паспяхова, на паверхні Месяца будзе запушчаны невялікі ровер Tenacious, а таксама разгорнуты камплект навуковага абсталявання.
Апарат быў запушчаны 15 студзеня на ракеце SpaceX Falcon 9 разам з іншым прыватным месяцовым апаратам - Blue Ghost кампаніі Firefly Aerospace, які паспяхова здзейсніў пасадку 2 сакавіка. Resilience прайшоў складаны шлях з манеўрамі вакол Зямлі і Месяца, што дазволіла зэканоміць паліва.
Апарат увайшоў у месяцовую арбіту 6 траўня і ў канцы месяца правёў карэкціроўку арбіты, выйшаўшы на кругавую арбіту на вышыні блізу 100 км над паверхняй месяца. Зараз інжынеры ispace рыхтуюцца да апошніх наладак перад пасадкай.